среда, 8 августа 2018 г.


  Людка Сiльнова, НББ


ПАРЭЧКАВЫ КУСТ
 I.
Варыла чорныя парэчкі
Летнiм вечарам
I ўспамiнала дзiва-рэчку
Часу вечнага.
Яна прыносiць нам дарункi —
I зносiць разам.
Плывуць шчымлiвыя малюнкi
Ў вадзе абразам.
Мiж хваляў высьлiзнула рыбка —
I боўць у нетры!..
Рака — цi боская валiзка?
Сыстэмны нерат?


II.

Рака мне падарыла вобраз
Найлепшы, блiзкi —
Ляснога зьвера рух i голас,
Мядзьведзя ў Мiнску.
Як плынь цячэ! Мяняе якасьць:
Сьвятлом i мёдам...
Я адчуваю гэту вадкасьць
Паўзком i лётам.
Па берагах той дзiўнай рэчкi —
Вiдаць звысоку! —
Растуць-цьвiтуць кусты парэчак,
Як радасьць воку.


III.
Люблю я чорнае парэчкi
Таемны колер —
Даўнейшай магii гнязьдзечка,
Загадка болю.
У гэтай кроплi чарнабокай
Галавакружна
Iмклiвы сьвет налiўся сокам,

 Стаў пэўным, дужым.
Нацiсьнеш — яхантам, мадэльлю
(Скажыце вы мне!..)
Яго кранальная iдэя
Насустрач вымкне!

IV.
Калi цябе я ўспамiнаю,
Мой зьвер любiмы,
Твой вобраз зь ягад састаўляю,
Як дом з цаглiнаў.
Ты, як Сусьвет з тых зор-малечы,
Якiм — мiльёны,
Сабраны мной увесь з парэчак
Маленькiх, чорных.
Твой вобраз — ушыркi iмкнецца,
Жыве, бунтуе!..
Але зьяднаным застаецца,
Мяне ратуе.

V.
Яно паўстане нечакана
Паверх чарноцьця —
Найсаладзейшае каханьне,
Як зь пены — госьця.


Нiбыта мiтаў паўтарэньне
На ўзроўнi мiсы —
Кiпiць i паўстае варэньне,
Iмчыць за рысы!
.................
У хвалях пурпуровай пены,
У тых узьвiвах —
Я прадчуваю сьмерць сыстэмы
I сьмех шчасьлiвых.

VI.
Сатканы з залацiстых нiтак
Зялёны вечар...
Стаiць ля кволае калыскi
Дачка-малеча.
Каля яе ружовых ножак —
Расьцiснуць хутка! —
Дзьве-тры парэчкi асьцярожна
Прыму, цiхутка.
I зноў да мiсы павярнуся,
Да чараваньня...
“Варэньне? — цiха засьмяюся. —
Пiтво каханьня!”

  
VII.
Я абярнула вядро ягад,
З куста сабраных, —
I нечакана зьнiкла радасьць
Як рай абраных.
Яны скацiлiся з пагорку
У травы, рэчку,
Аб чым вяла-пляла гаворку, —
Мае парэчкi!
I далягляд убок хiснуўся.
I сонца зьмеркла.
Сабака ў брэху захлiпнуўся.
Няпэўнасьць... Пекла...

VIII.
Ня веру я. Не пакiдаеш
Мяне ты, любы, —
А разам з водамi сплываеш
Далей, да згубы.
I цёмны дождж, нiбыта вэлюм
Бяды i млосьцi,
Хiстаюць ветрыку павевы.
Як на пагосьце...
Iзноў адна я ў тым пакоi,

Што ад Стварэньня.
Я выберу з усiх напояў
Мой чай з варэньнем.
IХ.
У пошуках якiх гармонiй,
Як за парэнчы,
Я... ухапiлася рукою
За куст парэчак?
Яго сакральная будова —
Успых цi выбух —
Яднае гронкi цёмных словаў,
Сьвятлом налiтых.
Ва ўсiм хачу я разабрацца,
Ня зьесьцi толькi.
Шкада, да неба не дабрацца
Галiнам тонкiм.

Комментариев нет:

Отправить комментарий

  Людка Сiльнова, НББ ПАРЭЧКАВ...